АРЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расіі. Утворана 27.9.1937. Пл. 24,7 тыс. км². Нас. 911,6 тыс. чал. (1994), гарадскога 62%. Цэнтр — г.Арол. Найб. гарады: Болхаў, Ліўны, Мцэнск.

Прырода. Вобласць размешчана ў цэнтр. частцы Усх.-Еўрапейскай раўніны, у межах Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (пераважныя выш. 220—250 м, найб. 278 м), парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда, буд. матэрыялы (вапнякі, гліны, пяскі, мергелі, мел), буры вугаль, фасфарыты. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -9°C, ліп. 18 °C, ападкаў 570—580 мм за год. Рэкі: Ака (з прытокамі Зуша, Неруч, Цон і інш.), на ПдУ р. Сасна (з прытокамі Цім, Кшэнь), на ПдЗ — Наўля і Няруса (прытокі Дзясны). Пераважаюць вышчалачаныя чарназёмы, на ПнЗ шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя глебы. Мяшаныя лясы (бяроза, дуб, асіна, клён, ясень, хвоя і елка) з хмызнякамі займаюць каля 8% плошчы. Стэп узараны, захаваліся невял. ўчасткі. Па далінах рэк заліўныя лугі.

Гаспадарка. Асноўныя галіны вытв-сці: машынабудаванне (тэхнал. абсталяванне для тэкст., гарбарна-абутковай, шкляной, харч. прам-сці, аўтагрэйдэры, аўтапагрузчыкі, цэнтрабежныя помпы, прылады, выліч. машыны, гадзіннікі, радыёдэталі і інш.), металургія (вытв-сць стальнога пракату), хім. (пластмасы, гумаватэхн. вырабы), мікрабіял., лёгкая (абутковая, швейная і трыкат.), харч. (цукровая, мясная, масла- і сыраробная, крухмала-патачная, спіртава-гарэлачная і інш.) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, шкло і інш.). Пасевы збожжавых: пшаніцы, жыта, аўса і ячменю. Вырошчваюць грэчку, цукр. буракі, каноплі, зернебабовыя і кармавыя культуры. Развіты бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля, мяса-сальнае свінаводства, мяса-воўнавая авечкагадоўля, птушкагадоўля. Племянная конегадоўля (арлоўскія рысакі). Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Курск, Бранск—Арол—Ліпецк, аўтадарогі Масква—Арол—Сімферопаль, Арол—Бранск—Смаленск; нафтаправод «Дружба».

П.Г.Рогач.

т. 1, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)